Перайсці да зместу

Юзаф Ядкоўскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Юзаф Ядкоўскі
польск.: Jόzef Jodkowski
Дата нараджэння 20 снежня 1890(1890-12-20)[1]
Месца нараджэння
Дата смерці 2 студзеня 1950(1950-01-02)[1] (59 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Род дзейнасці мастацтвазнавец, археолаг, нумізмат, музеязнавец, рэстаўратар, гісторык
Навуковая сфера археалогія, нумізматыка
Месца працы
Альма-матар
Навуковы кіраўнік Яўстафій Філарэтавіч Арлоўскі
Узнагароды
сярэбраны крыж Заслугі
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Юзаф Ядкоўскі (польск.: Jόzef Jodkowski, руск.: Юзеф Иодковский; 20 снежня 1890, Гродна — 2 студзеня 1950) — беларускі і польскі археолаг, нумізмат, архітэктар. Вучыўся ў Я. Ф. Арлоўскага.

Паходзіў са шляхецкага роду Гродзенскага павета. Нарадзіўся 20 снежня 1890 г. у Гродне ў небагатай сям’і рамеснікаў Юзафа Ядкоўскага і Зоф’і Занеўскай[2]. Сям’я жыла ў двухпавярховым доме № 16 на вул. Паштовай[3].

Вучыўся ў Гродзенскай гімназіі, дзе ўдзельнічаў у 1905 г. у школьнай забастоўцы. У гэтыя гады ён захапіўся гісторыяй Гродзеншчыны і пачаў збіраць разнастайныя друкаваныя і рукапісныя матэрыялы, а таксама пісаць свае першыя навуковыя працы. У выглядзе невялікіх нарысаў і артыкулаў яны з 1907 г. друкаваліся ў выданнях «Віленская газета» («Dziennik Wileński») і «Святавіт» («Światowit»). Апынуўшыся пад пагрозай выключэння з гімназіі, патэнцыяльнага арышту за палітычную дзейнасць і атрымання так званага «воўчага білета», які б зрабіў немагчымым паступленне ў іншую навучальную ўстанову ў Расійскай імперыі, у 1906 ці 1907 годзе Ядкоўскі перабраўся ў Варшаву, дзе працягваў вучобу і адначасова працаваў у археалагічным музеі[2].

Скончыў у 1913 годзе Маскоўскі археалагічны інстытут[4]. Працаваў у гэтым жа інстытуце і ў Імператарскім Маскоўскім і Румянцаўскім музеі. У 1910—1914 гг. як сябра Маскоўскага археалагічнага таварыства шмат падарожнічаў па Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губернях (у тым ліку рабіў раскопкі ў Міры на тэрыторыі замка ў 1912 годзе) для фіксацыі і кансервацыі помнікаў гісторыі і правядзення археалагічных прац[2].

У 1920 годзе вярнуўся ў Гродна, дзе заняўся пачатковым зборам помнікаў гісторыі. Аднак пры пагрозе заняцця горада бальшавіцкімі войскамі, значную частку сабранага давялося эвакуіраваць. Пасля службы ў польскім войску і ўдзелу ў савецка-польскай вайне, за што быў узнагароджаны залатым крыжам, Ядкоўскі зноў вярнуўся ў Гродна[2].

Па яго ініцыятыве створаны Дзяржаўны музей у Гродне (цяпер Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей), які і ўзначальваў у 1922—1936 гадах[4]. Да пераезду ў былы замак Баторыя музей Ядкоўскага размяшчаўся ў палацы віцэ-губернатара.

Рабіў раскопкі ў Ваўкавыску (1925), даследаваў княжацкія хорамы, Верхнюю і Ніжнюю цэрквы на тэрыторыі Старога замка ў Гродне (1931—1936)[4]. Раскопкі ў 1930-х года каля Каложскай царквы, Новага і Старога замкаў выклікалі канфлікт з польскімі археолагамі, якія вінавацілі Ядкоўскага ў іх бессістэмнасці і парушэнні методыкі правядзення. У выніку ён быў адхілены ад правядзення раскопак[2].

У 1936 годзе пакінуў Гродна і пераехаў ў Варшаву, дзе да Другой сусветнай вайны працуючы ў Дзяржаўных зборах мастацтва ў Каралеўскім замку[2]. З 1945 хавальнік фондаў Народнага музея[4], дзе аднаўляў амаль цалкам знішчаны Нумізматычны кабінет[2].

Памёр 2 студзеня 1950 года. Пахаваны на могілках Старыя Павонзкі ў Варшаве.

Аўтар прац «Гродна» (Вільня, 1923), «Гарадзішча Ваўкавыска» (Гродна, 1925), «Раннесярэдневяковае Гродна ў святле археалагічных раскопак у Гродзенскім Старым каралеўскім замку ў 1932 і 1933 гг.» (Варшава, 1934), «Абарончы храм на Каложы ў Гродне» (Гродна, 1936) і інш. Засталася нявыдадзенай шматтомная праца Ядкоўскага «Польскія рэліквіі ў Расіі»[3].

У шлюбе з Галінай Баброўскай меў дачку Альжбету[2].

  • Замок в Мире // Древности: Тр. комиссии по сохранению древних памятников… М., 1915. Т. 6;
  • Церкви, приспособленные к обороне в Литве и Литовской Руси // М.;
  • Grodno. Wilno, 1923;
  • Grodzisko Wołkowyskie. Grodno, 1925;
  • Świątynia warowna na Kołoży w Grodnie; Grodno, 1936.

Зноскі